Управление образования Брестского областного исполнительного комитета

Праздник знаний

Свята ведаў для юных “выратавальнікаў”

З гэтага года ў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” два пятыя класы будуць вучыцца па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці”.

У гэтым навучальным годзе 46 пяцікласнікаў, гэта 5 “А” і “Б” класы, змянілі звыклыя белы верх-чорны ніз на святочнай лінейцы на самую сапраўдную форму маленькіх пажарных. Увогуле сёлета самымі незвычайнымі былі пяцікласнікі 1 верасня ў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”. Два класы ў зялёнай форме, то класы па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці”, адзін у сіняй – гэта прававы клас. Ёсць тут і сёмы спартыўны клас, аднак спартсмены формай карыстаюцца толькі падчас заняткаў. У апошнія гады кіраўніцтва школы ацаніла важкія плюсы такога дапрофільнага навучання і актыўна ўкараняе яго. Гэта працуе і на далейшы вынік пры паступленні, і на дысцыпліну школьнікаў увогуле.

Што да нашых пяцікласнікаў, то ў іх цяпер два святочныя дні ў верасні – Дзень ведаў і Дзень прысвячэння ў вучні класа па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці”. У мінулую пятніцу, 2 верасня, для сваіх маленькіх выхаванцаў 5 “А” і “Б” класаў, райаддзел па НС стварыў сапраўднае свята. “Другое першае верасня” – гучала ў натоўпе. І справядлівыя былі гэтыя думкі. А гасцей тут было шмат: настаўнікі, бацькі, бабулі і дзядулі вучняў, далучыліся да свята і прахожыя.

Але ўрачыстаму ўручэнню пасведчання члена “БМГАВП” (Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных) папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка дырэкцыі школы і кіраўніцтва райаддзела па НС, шэраг кантрольных зрэзаў для вучняў, жадаючых трапіць у такі клас. Класы па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці” ў нашым раёне з’явіліся тады, калі ўсе пазлы склаліся ў адну карцінку. Была ініцыятыва дырэкцыі школы, магчымасці ў кіраўніцтва райаддзела па НС і жаданне самых дзяцей і іх бацькоў. Што да жадання, дык яго было хоць адбаўляй. Замест аднаго запланаванага класа адкрылі два, і гэта яшчэ не ўсе трапілі ў “А” і “Б” класы. Даволі строгія былі крытэрыі адбору: сярэдні бал павінен быў быць не ніжэйшы за “сямёрку” і станоўчай адзнака за кантрольныя па прадметах.

  – Але якая сутнасць такіх класаў і чым канкрэтна тут будуць займацца дзеці? – з гэтым звяртаемся да дырэктара ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Алега Васільевіча Раўчэні.

 –У гэтых класах дзеці будуць паглыблена вывучаць матэматыку і фізіку, а таксама раз на тыдзень яны будуць прыходзіць у райаддзел па НС, каб пад кіраўніцтвам прафесіяналаў вывучаць прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, – адзначыў Алег Васільевіч. – Сённяшняе ўрачыстае прысвячэнне – гэта вынік вялікай работы настаўнікаў і кіраўніцтва райаддзела па НС. Яшчэ ў пачатку мінулага навучальнага года мы папярэдзілі бацькоў чатырохкласнікаў аб адкрыцці класаў, растлумачылі неабходны мінімум паспяховасці дзяцей. Увесь год ішла работа, і я асабліва ўдзячны за ўзаемаразуменне і сумесную работу начальніку райаддзела па НС Васілію Бацкалевічу.

А добрае супрацоўніцтва “чытаецца” і па ўдала рэалізаванай задумцы, і па размаху свята прысвячэння. Пастараўся райаддзела па НС для сваіх выхаванцаў. Акрамя паважаных гасцей, сярод якіх былі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс, дырэктар ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Алег Раўчэня, начальнік аддзела арганізацыі адукацыі насельніцтва і прафесійнай падрыхтоўкі Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Валерый Якімук і начальнік райаддзела па НС Васілій Бацкалевіч, былі тут і маленькія госці з ДУА “Яслі-сад №6 г. Івацэвічы”, а таксама вучні ліцэя. Яны падарылі прысутным вершы і песні ўсё на тую ж супрацьпажарную тэматыку, а таксама павіншавалі пяцікласнікаў з такой падзеяй у жыцці.

Аб тым, што падзея і сапраўды значная, гаварыў падчас віншаванняў і госць з Брэста Валерый Якімук. 

– Івацэвічы першыя ў вобласці пачалі працаваць з пяцікласнікамі, – гаварыў Валерый Пятровіч. – Для нас гэта вялікая радасць, што ўжо з пятага класа дзеці разам з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі будуць вывучаць факультатыўны курс “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Дзеці павінны быць гатовыя да дадатковай нагрузкі, аднак бяспека – гэта галоўнае ў жыцці чалавека, і такая навука неабходная з маленства.

Станоўчы бок цеснага сяброўства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райаддзела па НС адзначыў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Рады такому супрацоўніцтву і начальнік райаддзела па НС Васілій Бацкалевіч.

– Канечне, мы падтрымалі такую прапанову, – гаварыў Васілій Іванавіч. – Мы і без таго частыя госці ва ўстановах адукацыі, а цяпер і дзеці будуць ісці да нас. Я спадзяюся, што райаддзел стане для пяцікласнікаў другой школай. Наша задача сёння – цікавай мовай расказваць дзецям пра сур’ёзныя рэчы. З вучнямі будуць працаваць прафесіяналы, практыкі. Абяцаем школьнікам цікавую вучэбную праграму, якую мы распачнём ужо сёння.

Так, навабранцаў чакалі яшчэ паказальныя выступленні выратавальнікаў, але спачатку да ўрачыстасцей. Пасля ўсіх пажаданняў, гучала песня на пляцоўцы каля райаддзела па НС. Гэты святочны дзень з малымі раздзялілі і прафесійныя выратавальнікі райаддзела па НС. Навабранцы стаялі акурат насупраць сталых мужчын, сапраўдных герояў, і разважалі наконт будучай прафесіі. Хлопчыкі ўспаміналі як бачылі выратавальнікаў у кінастужках. Яраслаў Прус з 5 “Б” і не думаў ніколі, што так цесна пасябруе некалі з сапраўднымі выратавальнікамі. А сёння стаіць побач з імі і нават убачыць іх у справе. А вось для каго райаддзел па НС – даўно другі дом, дык гэта для Ірыны Юркевіч. Тут працуе яе дзядзька, дарэчы, наш пераможца конкурсу “Маладыя прафесіяналы раёна” Віталій Куратнік. Дарэчы, бацькі нашых асаблівых вучняў ужо ацэньваюць на пяць уплыў той жа формы на паводзіны дзяцей. Вось і Наталля Дзянісік, маці пяцікласніцы Арыны, кажа, няма жадання ў дачкі цяпер скакаць па школьных калідорах – новую форму беражэ. І абышлося такое адзенне нядорага. Каля 100 рублёў для дзяўчынкі (касцюм-тройка) і каля 90 для хлопчыка (двойка). “Пашыў мясцовы, з гэтым праблем не было, – усё хутка і якасна”, – казала маці. 

Яшчэ адна прыемная місія чакала Васілія Бацкалевіча ў той дзень – перадаць падарункі пераможцы конкурсу юных знаўцаў прыроды ў рубрыцы “Экашкола” журнала-сябра многіх школьнікаў “Юны выратавальнік” першакласніцы ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Ірыне Мядзведзь. Далей момант “ікс” – вучні спецыялізаваных класаў МНС далі клятву, у якой гучалі важныя словы: адвага, чэсць і бяспека. І ўсе 46 навабранцаў атрымалі з рук Валерыя Якімука і Васілія Бацкалевіча пасведчанні аб членстве ў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, а таксама вымпелы райаддзела па НС. І крыху рамантыкі ў пачатку навучальнага года – навабранцы выпусцілі ў неба 46 шароў…

Эксклюзіў ад новых настаўнікаў і старшых сяброў – паказальныя выступленні нашых выратавальнікаў. Апладысментамі тут не абышліся хлопчыкі і дзяўчынкі, здзіўляліся і калі тушылі пажарныя вогнішча, і калі за секунды забіраліся на самыя высокія паверхі ў самыя далёкія вокны. Свае навыкі прадэманстравалі і тыя, хто ўжо хаця б дакрануўся на занятках да пажарнай справы – вопытныя члены “БМГАВП”.

Сказаць, што малыя былі ўражаныя – не сказаць нічога. Гэта было сапраўднае свята для пяцікласнікаў. Свята перад пачаткам вучэбнага года, не падобнае на мінулыя.

Канечне, настаўнікі і кіраўніцтва райаддзела па НС, разумеюць, што з усіх 46 вучняў класаў па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці” не вырастуць адны выратавальнікі. Многія паступяць на тэхнічныя спецыяльнасці ці можа яшчэ на якія: шмат яшчэ часу наперадзе. Добра, калі дзеці навучацца правільна ратаваць сябе і сваіх блізкіх. Гэта ўжо справа, вартая падобных пачынанняў. А калі сяброўства з прафесіяналамі бяспекі стане для некага з іх нагодай для выбару будучай прафесіі – дык гэта самы выдатны вынік. Успомніць хаця б удалы вопыт падобных класаў у нашым ліцэі. Больш за дзесяць гадоў таму былі такія класы і вялікі працэнт выпускнікоў пасля працягнуў вучобу па профілі і некаторыя працуюць у нашым райаддзеле. Гэта так званая работа на апярэджанне: сёння яны школьнікамі прыходзяць у аддзел на заняткі, а заўтра прыйдуць сюды ўжо прафесіяналамі. 

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.